Сваю бабу Насцю ўнучка Наташа вельмі любіла. Калі дзяўчынцы споўніўся годзік, маці прыйшлося выйсці на працу, а дачушку адвезці ў вёску да бабулі. Маленькая Натка моцна прывязалася да яе. Гэта была худзенькая, невысокага росту жанчына, з прывабным тварам, з чорнымі, як два вугельчыкі, вачыма, якія свяціліся дабрынёй і адкрытасцю. Нездарма ж кажуць, што вочы – гэта люстэрка душы. Бабуля была спагадлівая, шчырая, прыветлівая, ды і лёс у яе быў нялёгкі.
Нарадзілася Анастасія Іванаўна ў студзені 1917 года ў пасёлку Саланое Буда-Кашалёўскага раёна ў вялікай сям’і, дзе было васьмёра дзяцей. Чацвёра з іх памерлі ў маленстве. Яна была самай малодшай.
Два браты ваявалі ў Вялікую Айчынную вайну: адзін загінуў, а другі вярнуўся інвалідам. Старэйшая сястра Ганна выйшла замуж за мясцовага хлопца Данілу, у іх нарадзіліся чацвёра дзяцей. Аднак здарылася бяда: ва ўзросце 25 гадоў яна памерла. І тады 17-гадовую Насцю бацькі ўгаварылі замяніць дзецям маці. Дзяўчына згадзілася, бо вельмі любіла сваіх пляменнікаў.
Так яна стала жонкай мужа сястры, які быў на адзінаццаць гадоў старэйшы за яе. У гэтым шлюбе нарадзіліся яшчэ шасцёра дзяцей: Васіль, Іван, Ніна, Мікалай, двайняткі Надзея і Ганна. Трэба адзначыць, што Даніла быў з крутым норавам і часта без усялякіх на тое прычын крыўдзіў Насцю.
Дзеда Данілу Натка не ведала: ён рана памёр, у 56-гадовым узросце. У 45 баба Насця засталася ўдавой. Старалася яна як магла, каб дзяцей выгадаваць. Дзесяцярых у людзі вывела, вывучыла, вяселлі справіла. Прычым ніколі не дзяліла іх на сваіх і сястрыных, да ўсіх адносілася аднолькава, шкадавала і любіла. Бог даваў ёй цярпенне і дабрыню, а дзеці адказвалі сваёй матулечцы сардэчнасцю і павагай. Усе гарнуліся да яе. І нават калі паразляталіся, нібы тыя птушкі, з матчынага гнязда, да Анастасіі Іванаўны заўсёды прыязджалі ў госці. У такія хвіліны хата напаўнялася звонкімі дзіцячымі галасамі. Дзіва што! 10 дзяцей, 27 унукаў, 52 праўнукі мела гэта цудоўная жанчына. Дачакалася яна і прапраўнукаў.
Кожныя канікулы Наталля праводзіла ў вёсцы. І ў лес па грыбы і ягады хадзіла, і кароў з бабуляй пасвіла, і лекавыя травы разам збіралі. Нават да гэтага часу не забылася, якая трава ад чаго лечыць.
Узгадвае Наталля і пра тое, як любіла слухаць бабуліны аповеды, як ласкава называў яе сусед Іван – Насцечка. Аднаго разу Анастасія Іванаўна шчыра прызналася ўнучцы, што ў маладосці Іван быў яе жаніхом. Сустракаліся, кахалі адзін аднаго, марылі стварыць сям’ю, але смерць сястры перайначыла іх лёсы. І калі яна пайшла замуж дзеля дзяцей, Іван ажаніўся з яе лепшай сяброўкай. Свае пачуцці яны пранеслі праз усё жыццё, падтрымлівалі і добрасуседскія адносіны.
Анастасія Іванаўна перажыла Івана на некалькі гадоў. Памерла, не дацягнуўшы зусім крыху да свайго 85-годдзя. А калі прайшло 40 дзён, Наталлі сасніўся сон: нібы ідзе яна па пасёлку, даходзіць да хаты суседа Івана і бачыць, як з акенца выглядае баба Насця, апранутая ва ўсё бялюсенькае. Бабуля радасна паведаміла ўнучцы, што цяпер у яе ўсё добра. Свой сон Наталля растлумачыла так: раз баба Насця была ў хаце свайго жаніха, значыць на тым свеце яны ўсё ж такі разам. “Адпачывай з мірам, дарагая бабулечка! Дзякуй табе за ўсё, што зрабіла для нас. Мы цябе ніколі не забудзем”, – прашаптала яна.
Трэба дадаць, што калі Наталля выйшла замуж, у яе нарадзіліся дзяўчынкі-двайняткі. І адну з дачушак яна назвала ў гонар сваёй любімай бабулі.
Людміла СТАХАВЕЦ